III
Не, не ведаў ніхто, скуль паўстала яна, Гэта думка нябёс і зямлі. Эх, убралі ж яе светлы май і вясна — З златаблескаў хмурынку сплялі! Пазірала яна, зачароўвала ўсіх Шаўкаруннымі пасмамі кос, Радасць, моцны прываб адбіваліся ў іх, I шчаслівым здаваўся іх лёс. I ляжала вакол без канца-берагоў Гэта даль, задумення пячаць. Хмарка хоча паплыць па бязмежжы святоў, Каб жыцця свайго радасць пазнаць, Бо для шчасця свайго і для ўцехі зямлі Была выткана сонцам яна, I да думкі такой усе згодна прыйшлі: Неба высь і зямлі нізіна. Але вецер падзьмуў, падняліся віхры Там, дзе вечны здаваўся спакой, Здрыганулася высь, узыгралі віры Гэтай багны надземнай пустой. I халодны віхор, бурагон-сухавей Гэту хмарку-красуню чапіў, Летуценне яе, радасць светлых надзей Паламаў, пакрышыў і пабіў. — Ой, як ночанька яснютка! У ноч гэту грэх і спаць. Як прыгожа, як святлютка Шыбы ў месячку блішчаць! Хоць прысяду на пасцелі, Пасяджу каля акна… Спяць усе, як бы памлелі, Толькі я не сплю адна. Ганна коўдру адхіляе, Штось ва плечы накідае I садзіцца на пасцель. За акном агнямі ззяе I іскрыцца снегу бель. Стынуць вербы, бы змярцвеўшы, Тчэ мароз ім свой узор. Бы кахае іх, адзеўшы Чараўны на іх убор. У іх косах месяц ззяе, Зоры сінія гараць… I княгіня, хоць якая, Так не зможа шчагаляць… Эх, мароз, эх, дзед жартлівы! Ты — аматар і штукар Распісаць на шыбах дзівы, Гожства поўныя і чар. Халады, віхура свішча, Хаты ў снезе аж да стрэх, У тых комінах — ігрышча: Плач надрывісты і смех. Лес, да ніткі абадраны, Як за подаці мужык, Замест лісця ў бель убраны, Іней тчэ яму башлык. I палёў змярцвелі гоні, Снег, бы посцілка, ляжыць, Пуста, гола, — і вароне Трудна корму дзе спажыць. А мароз і не шманае, Як бы ён тут і не лыс, I на вокны накідае Свой малюнак-рукапіс. I маляр ніякі ў свеце Паспрачацца з ім не можа: Хто напіша так прыгожа Аб тым ясным, светлым леце? Тут свабодны ўзлёт малюнкаў, Тут шырокі светазор, Тут і пальмы ўсіх гатункаў, I каралі ясных зор, I дарожка тканкі тонкай, Ручаінкі беражок, Тут бяжыць у дзве старонкі Зорна-роўны ланцужок; Тут цукровыя чароты, Лісце буйнае дубоў, Спелых нівак пазалота, Сноп нажатых каласоў; Тут пляцёнкі-завітушкі, Стрэлы гонкія, шчыт, лук, Тут і пер’е райскай птушкі, I ўсялякіх многа штук. А як сонца блеск агністы Гляне з усхаду ў акно, — Загуляе жар іскрысты Шугне полымем яно. Ззяе шыбка, аж ірдзіцца, Грае чырвань-пераліў I стварае столькі дзіў, Што не можаш надзівіцца. У ноч месяц той чароўна Ткань марозу серабрыць, Мілай казкі гожа-роўна Тчэ-пляце за ніццю ніць. Ганна ў думках пазірае У халоднае акно. Ноч далёка рассцілае Снягоў белых палатно. Ціха, мёртва і тужліва, Толькі лускае мароз, Толькі зрэдку баязліва, Бы ца твары колькі слёз, Іней скінецца з галіны Зачарованай вярбы. «Дзе ён, мілы, мой ядыны? Дзе, бяздомнік мой любы? Дзе ён ходзіць, лёс шукае, Паднявольнік-галубок? Кут-прытулачак ці мае? Ёсць ці не яму хлябок? Хоць прыходзіла б вясенька Ды павеяла цяплом: Пад жывым яе крылом Жыці болей весяленька; Хоць бы лецейка любое Надыходзіла хутчэй: Доля-жыцце, хоць ліхое, Летам чуецца лягчэй… Эх, мароз, мароз траскучы! Шклечкі краскамі ты ўбраў, Толькі ж холад твой пякучы Краскі ў полі ўсе пабраў. Тчэш красёнцы ты прыўдала; Лёд — аснова і вуток, Снег — і цэўкі[43] і сукала[44], Іней-зоры — твой чаўнок. Для чаго ж у зімні холад Ты красёнцы лета тчэш I пад свой халодны молат Сэрца жар мой ты кладзеш? Месяц, ты блінок ясненькі! Ходзіш ты ў далёкі край! Дзе ж музыка маладзенькі? Хоць ты вестачку падай!» — Ганна, што табе не спіцца? Час за поўнач, а яна Села там і не лажыцца, Як прышыта да акна! — Маці Ганну аклікае, Прымушае дочку спаць I чагось сама ўздыхае, А чаго? Адной ёй знаць З таго часу, як музыка Тут убогі пабываў, Змена з Ганнаю вяліка, Бы яе прычараваў. Ганна стала больш маўкліва; Зойдзе ў сад, сядзіць адна, Штось там думае яна; Проста матку брала дзіва — Гэта змена так відна. Паскупела і на словы, Ні яе тут распытаць, Ні пачуць яе тут мовы, — Ну, дзяўчыны не пазваць! А надыдзе ёй мінута, Зараз песню завяла, I душа ёй разамкнута, Бы дзень майскі, весяла. Ды дзіўная ўсё ж дзяўчына: Песні складвае сама. А да песень — малайчына, — Ну, ёй роўных тут няма. Ці ўрадзілася такою, Ці яе тут ураклі I часінаю ліхою Насланое навялі? Ці пара яе такая, Час дзявочае вясны? Матка думае-гадае, I нішто не памагае — Ні знахар, ні шаптуны. Час прайшоў — паспакайнела, А спаткала яго — зноў Штось у сэрцы зарунела: Не астыла тая кроў. Так за днямі йшлі дзянёчкі, Распускаўся сад, лясы, Зацвіталі і вяночкі Той дзявочае красы. Ганна — красачка дзяўчынка: Рост у меру, тонкі стан, — Пазайздросціць ёй былінка, Што аздобіла курган. Вочы Ганніны — дзве зоркі, Броўкі — выгібы крыла, Грудкі — дзве блізніцы-горкі, Як сад, Ганна расцвіла. Ды часамі задуменне Ценем зляжа ёй на твар. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Надыходзіць тройчы лета; Жджэ яго ды жджэ дарма: Няўжо ж тая песня спета I ёй водгулля няма? «I чаму ён — вось пытанне, — Ганна думала не раз, — I ў апошні той наш час, У той мілы час спаткання, Не схацеў зайсці да нас?» Нейкі жаль бярэ дзяўчыну, Сэрца смуціцца яе — Тры вясны з пары тае! Не: напэўна ёсць прычына. Абяцаўся ж ён так шчыра, Як той родны, як той брат… Паляцела пташка ў вырай, Пташка вернецца назад. Жывяць зноў яе надзеі, Думкі светлыя ўстаюць, Зноў у сэрцы санцавеі Ёй красёнцы шчасця ткуць. I так любы думкі тыя, Што гутораць ёй аб ім!.. Чары-мары веснавыя, Іскры сэрца залатыя! Вы знікаеце, як дым. Ды каму агнём ружовым Не свяцілі вы ў жыцці? Хто не верыў вашым словам У шчаслівым забыцці? Жне Гануся ў полі жыта, Сонца цешыцца з яе; Конік гожа-самавіта Песню ёй сваю пяе. Ганна ж песню заспявае, — Яе слухае лясок, Тую песню пераймае I той звонкі галасок. А як пройдзе дождж шумлівы, Сець працягне па зямлі, Загрыміць раўчук бурлівы, Стануць лужынкі ў раллі. Ідзе жнейка праз гаёчак, Спыніць лужынка яе: «Ты пацешся з сваіх вочак, Глянь на брованькі свае». I прыпыніцца дзяўчынка, Каб адбіцца ў люстры тым, Дзе глядзіцца і ялінка Верхам пышным і густым. Дно той люстры чорна-чорна, Як растопленая смоль; — Там блакіт нябёс надгорны, Бы ўглыб кінутая столь. Ганна схіліцца над лужай, Косы звесяцца з пляча; Там садовай свежай ружай Адбіваецца дзяўча. Усмех шчасця, здавалення, — Ганна цешыцца сабой. «Ты прыгожа на здзіўленне», — Люстра тое кажа ёй. I па нейкай тут прычыне, Нібы ўсплыўшы з глыбіні, Сон успомніўся дзяўчыне, Сон забыты, сон дзіўны. I ёй нават страшна стала — То напэўна сон ліхі: Яна ў цёмны вір упала, Голас чула там глухі: «Я зраблю цябе русалкай, Для цябе свет прападзе! Белай кветкаю-купалкай Будзеш гушкацца ў вадзе». Расступіўся вір шырока, Мільгатнула яго дно, I згусціўся мрок глыбокі, Свету, сонца не відно. Захапіла дух Ганусі: «Я тут кінута на здзек… Ой, ратуйце! захлынуся! Ой, прапала ж я навек!» Ноч дзяўчыну агарнула, Завярцеў яе той вір, Цяжкім сном яна заснула, А пасцель — халодны жвір. Аж пачула — грае скрыпка, Скулься музыка плыве. «Ганна, Ганна! я тут, рыбка! — Гэта ён яе заве. — Ты не бойся: я з табою». I падаў ён ёй руку; Ён змагаецца з вадою. «Смела, смела йдзі за мною». Вось яны ўжо на гаку. Знікла тая небяспека, Свет адчынены ёй зноў? Цёмны вір шуміць далёка, Вір не выйдзе з берагоў, А ён зорыць ёй у вочы, I так добра стала Ганне — Быў салодак час спаткання… То напэўна сон прарочы. Думалася ўсяк дзяўчаці, Знала яснасць і смугу. Заўважала яе маці Гэты смутак і тугу. — Ох, дачушка! ты дзіўная; Ну, ці ж можна рабіць так? Выкінь з дум яго, дурная: Ён — вандроўнік, ён — жабрак, Сам без хлеба, сам без хаты, Мо разбэсціўся адзін… Ты пільнуйся лепш Кандрата: Гаспадарскі гэта сын. — Ці ж я, мама, вам абрыдла, Ці шкадуеш ты мне хлеба? Мне сватоў гэтых не трэба — Многа ёсць такога быдла. — Ой, глядзі, змяняеш быка, Ды змяняеш на індыка. Хіба зловіш ветру ў полі? Вецер ветрам быў і будзе! Ды што скажуць табе людзі?.. I мне рупіць твая доля! З-паміж хлопцаў-кавалераў Быў адзін такі тут жох, Што сябе занадта мерыў I ў хлапцоўскасць сваю верыў I меў рызыкі на трох. Стаў за Ганнай валачыцца Хвалька гэты, Дамянік — На каханкі ён навык, Абы толькі падражніцца. Толькі ж тут не пашанціла, Як ён лістам ёй ні слаў, Як рука вус ні круціла, Як вачыма ні ўскідаў. Ён з сябрамі закладаўся Сэрца Ганны паланіць, У два тыдні — пахваляўся — Ганна будзе дух раніць, Будзе з ім шукаць спаткання, I паступіцца усім, I ўсе выпаўніць жаданні — Хоць у пекла пойдзе з ім. Зачалося ўсё з пустога, Але скончылася так, Што наш дока, зух і гога Сам уклюкаўся, бядак, — Жабраком хадзіў за ёю, Ёю жыў і сніў яе; Ён не ведае спакою, Мысль аб ёй жыць не дае. «Эх, дурніца ж я, дурніца! Вось дастукаўся чаго!» А Гануся-чараўніца Пасміхалася з яго. — Ці ж ты хочаш маёй мукі? Ці не бачыш, як тужу? Я на ўсё пайду: і рукі На сябе я налажу! I сябе са мной загубіш — Да таго ты давядзеш, Але той, каго галубіш, Не, не прыйдзе — не прыжджэш!.. вернуться43
Цэўка — драўляная трубачка.
вернуться44
Сукала — прыстасаванне для насуквання пражы на цэўку.