IV

У іскрах змяркання Ружовага ззяння Дзянёк на спакой адплывае, Дзянёк замірае, Дзянёк спачывае З усмехам ясным кахання. I вочы Венеры Праз цёмныя дзверы Зірнулі лагодна, прыветна, I ноч незаметна, Бы ўдоўка ўсясветна, У вэлюм адзелася шэры. Выпоўзваюць мрокі На тыя сутокі, Дзе неба злілося з зямлёю, Ідуць грамадою, Трасуць барадою, Бы страшаць дзянёк яснавокі. А месяц двурогі З далёкай дарогі Спусціў на зямлю свае ніці. Блішчыць на ракіце, I ціха па жыце Туман прапаўзае бязногі. Зямля занямела. У лесе нясмела Ачнецца лісток на галіне. I знічка ў глыбіне Мільгне і загіне — Пагасне слядок яе белы. I мрок і блісканне, Спакой і дрыжанне Зліліся ў суладныя тоны. У цемры знікання Ёсць іскры світання — Разумнае волі законы. Чырвань захаду цямнела. Над зямлёю мрок нясмела Калыхнуў сваім крылом. Вол у полі скончыў дзела, Шоў дамоў з гаспадаром. У спакойных небясох Зоры чуць-чуць мігацелі, Бы застылі, занямелі У мяккіх водблесках-агнёх Тканкі хмарачак ружовых, Лёгкіх, тонкіх, бы шаўкі, I з вадзіцаю ў размовах Спачывалі беражкі. Косы чорныя маўкліва Распусціла ноч па свеце, На лістку, на кожным квеце, Волас звіс яе жычліва. I было спакойна-ціха; Толькі дзесь сава-начніца, Бы якая чараўніца, Выклікала людзям ліха. Між кустоў лазы кудлатай Бегла сцежачка, вілася, А па сцежцы той плялася Постаць нейча ў цьме зацятай. Бы туляга, бы той злодзей, Ідзе-сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Збоку сцежкі чорным пасам Бегла рэчачка лажком. Хто ж ідзе тут позным часам, Выкрадаецца цішком, Як начніца ці начнік? Гэта — зух наш, Дамянік. Ён ідзе да варажэі, Каб параду сэрцу даць, Бо разбіты ўсе надзеі Сэрцам Ганны заўладаць. Ён ідзе, а мрок гушчае, Ноч становіцца чарней; Песню ў лозах зачынае Над рачулкай салавей; А ў трушчобе за рачулкай Оішча жудасна пугач, I нясецца рэха гулка, Бы дзяціны смех і плач. Сцежка ўлева забірае Ды шыбуецца ўгару. Каля цёмнага яру Хатка туліцца старая. У акенцы ўроўнядзь з долам Цьмяна свеціць начнічок, Бы купальскі светлячок, Блескам смутным, невясёлым. У той хатцы заняпалай, Трошкі воддаль ад сяла, Бабка-знахарка жыла I жыла тым, што гадала. Ідзе хлопец па-над ярам, У яго адна дума: Хай навучыць бабка чарам — Іншых спосабаў няма. Хлопец сохне ўвачавідкі, Ён няволен над сабой… У аконца варажбіткі Хлопец стукае рукой. — Хто там? — Гэта я, бабуля. — Хто такі ты? — Дамянік! Я да вас, бабка Аршуля, — Кажа ён — і дух унік. Скрыгнуў засаў. Клямка двойчы Тут закашляла ў дзвярах. — Ну, заходзь, заходзь, малойча, — I тым засавам — ра-рах! За Аршуляю нясмела Ідзе ў хату Дамянік; Цьмяна лямпачка курэла, То скакаў агонь, то нік. Густа пах стаяў ад зёлак I дурманіў галаву; Разлажыла на пяколак Бабка розную траву, I пучочкі ўсякіх кветак Тут развешаны былі: Бабцы подаць даў палетак, Луг і лес яе зямлі. Хатка чысценька прыбрана; Сама бабка акуратна, А як знахарка — выдатна: Так даўно аб ёй казана. — Ну, малойча, у чым справа? З сэрцам, мусіць, нелады? З ім дзяўчынка не ласкава? Ну што, праўда, малады? — Так, бабуся мая: пакахаў я дзяўчыну, Пакахаў, як нікога ніколі! Праз яе я папаў у няволю, Праз яе мне няма, бабка, долі. I хацеў бы я кінуць яе, ды не тсіну… Праз яе, праз яе, чарадзейку, я гіну! Дай жа, дай жа ты радачку мне і збавенне: Я не ведаю сну і спакою! Каб яна так хадзіла за мною, Як хадзіў і хаджу я за ёю. Дай папомсціцца мне за яе зневажэнне! Вырві з сэрца суздром насланое насенне! — Ну, напэўна ж, ёсць прычына, Калі кпіць з цябе яна? Ой, хлапчына-малайчына, Справа штосьці тут цямна! Вось пабачым! — бабка ўстала, Вады конаўку ўзяла, Пашаптала, паплявала, Страх на хлопца навяла.         — Я бяду         Навяду,         Я бяду         Адвяду         На лясы,         Верасы,         На бары,         Амшары,         На горы,         На моры,         На пусташ-аблогі,         На безлюдзь-дарогі.         У пушчы,         У гушчы,         У чыстае поле,         У гіблыя ролі,         У нетры глухія,         У багны нямыя,         Ад сэрца, ад дому —         Ліхое ліхому, — Мармытала заклінанне Бабка ўпаўгалоссе. — Будзе, хлопча, табе зданне. Дамянік затросся. — На, на воду паўглядайся… Вочы ты цяпер заплюшч… Што ні здасца — не лякайся… Стань сляпы, як дзень відушч! — Строга кажа варажбітка. Зноў затросся Дамянік, З плеч на землю спала світка, I прыліп яму язьік. — Тфу ты, ліхаі што са мною? Што за чортава чмута?! Хтось рукою касцяною Пастрашаў мяне з кута! Бачыў — з лесу хтось дыбае, I святлела ў тым баку, А яна, яго любая, Чараўніца гэта злая, Падае яму руку. — Між табою і дзяўчынай Хтось мілейшы ёй стаіць, I цябе па той прычыне Ёй ніяк не палюбіць. Смерць іх толькі і разлучыць — Так злюбіліся яны… Не паможа, не навучыць Знахар самы увіхны. — Чмуціш ты і лжэш, старая, Гвалтам я яе вазьму! I пабачым, хто прайграе — Трасца будзе ў бок яму! · · · · · · · · · · · · · · · · Раз пад вечар між жытамі Ганна з поля йшла адна; З каласкамі, як з братамі, Забаўлялася яна. Жаўтацвецень красавання Аздабляла каласкі; Ім казалі аб каханні Нітак срэбраных жмуткі. Варажыла тут дзяўчынка На калоссях аржаных, Сашмаргнуўшы з іх шчацінку, А пытала так у іх: «Калі ён мяне кахае, Зацвіце мой каласок». У касу яго хавае. Пазірае — I — о, радасць! Зацвітае Новы срэбраны пучок! Так ідзе адна, гадае, Аж зірнула — дух унік: На пярэсцягі ёй з гаю Шусь пануры Дамянік! Сэрца ёй так і апала. Азірнулася — ціш, глуш, I Гануся задрыжала: Што замысліў гэты вуж? Недарма ж ён сярод поля Выкрадаўся цемаком; Погляд дзікі так і коле, Так і рэжа, як нажом. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд, Дзеўча ў жыта шмыганула, Агібаючы той кут. Азірнулася — умлела: Валіць следам ён, як дым, Толькі жыта шарахцела I ламалася пад ім. Глуха поле адбівала Грук і тупат пары ног. Ганна плацце падабрала, Напрасткі бяжыць у лог. I, як сарна, за каторай Улягаюць ганчакі Неадступнай злою сворай, Бяжыць Ганна то разорай, То мяжой праз раўчакі. Азірнецца — ўсё нырае Тая ў жыце галава, Цяжка дыша, зрок бліскае; Іх адлежнасць раздзяляе Не больш — вератняў на два. — Стой, гадзюка-чараўніца! Стой, насенне ведзьмака! Будзеш помніць ты, начніца, Як зняважваць дзецюка! То ён злосны тон мяняе: — Стой, Гануська, стой, дурная! Ганна! Ганна! я жартую; Ну, спыніся, не ўцякай! Хоць разочак пацалую… Ганна, рыбка, пачакай! Чуе Ганна — таюць сілы, Блізка ж дзікая пагонь. Разрывае кроў ёй жылы, Смажыць ёй нутро агонь. Спала хустка, і развіты Дзве шаўковыя касы, Бы русалка ў моры жыта, Поўна спуджанай красы. Бегла бедная і ўпала У глыбокі калдабан, Ўстаць хацела, ды не ўстала, Вочы ёй заслаў туман. Дамянік пранёсся міма. Бег — шуршэлі каласы, Стаў — іх змоўклі галасы, I дарма шукаў вачыма Постаць любачкі-красы, Ён рвануўся злосна-крута У другі бок — на лясы… Не, не знаць табе красы, Бо яе схавала рута I ржаныя каласы… А Ганусю ночкай цёмнай Знайшлі ў полі непрытомнай. · · · · · · · · · · · · · · · ·

Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: