II
Волі, волі і прастору! Прэч граніцы! Жыве ў сэрцы плынь крыніцы, Дух жывы — агонь дзянніцы. Гэй, угору! Волі, волі і прастору! Не зайздрошчу вашай долі, Багацеі! Вы — крыўдзіцелі-зладзеі, Вы разбілі мне надзеі… Дык даволі! Не зайздрошчу вашай долі… Як здабылі рай свой панскі? Чым купілі? Сэрца ваша поўна гнілі, Бруд у кожнай вашай жыле, Дух паганскі… Як здабылі рай свой панскі? Згіне ваша тут багацце, Панаванне. I вам будзе час змяркання, Ён нясе вам біч выгнання I пракляцце! Згіне ваша тут багацце! Зачынілі вы нам дзверы, Свет закрылі, Каб не даць разняць нам крыллі, Каб не ўніклі ў вашы былі. Але мысль — не ў вашай сіле! Эх вы, зверы! Мера вам — па вашай меры! Беглі дні, міналі леты, Так прайшло тут тры гады… Эх, музыка малады! Не дасяг ты свае мэты. Жыў Сымонка тут надзеяй, I так марыў ён аб тым, Што панове-дабрадзеі Ласку будуць мець над ім I навучаць чытаць кнігі, Ноты тыя разбіраць, Сам бы ноты стаў складаць, — Граў бы ён не горш Галыгі. Ён аб гэтым думаў многа, З дзедам радзіўся не раз, Ды, вядома, у старога Быў старэцкі і адказ: — Кінь ты, хлопча, абэцадлы[39]! Лепей плюнь на іх, эге ж! Кнігі розум сушаць, падлы: У сухоты ты ўпадзеш! Знаў я кніжніка такога, Што ўсё ведаць-знаць хацеў, Начытаўся гэтак многа, Што ў скурат ён ссох, нябога. I што ж думаў? — звар’яцеў!.. Дый вучыць цябе хто стане?.. Дзе ты бачыў! ты — мужык, Трэба выламаць язык, Тваю ж мову апаганяць, Хай зямля іх тут апране! Дзед старога ўжо закалу, Зразумець не можа дзед Прагавітага запалу Пасягнуць навукі свет. I надумаўся хлапчына Да Галыгі завітаць, Хоць ён жорсткі, як дубіна, I станоўка ўжо прыстаць, Каб вучыў яго чытаць, Хоць у тыдзень, ну, хвіліну. Вось, набраўшыся адвагі, Ён ідзе туды цішком, А Галыга да сярмягі Зварачаецца з смяшком: — Ну, што скажа пан музыка, — Саматужны мой Шапен? — Просьба, пане, і вяліка… — Што, пакрыўдзіў стары «тэн»? — Не, прыйшоў прасіць васпана[40] Паказаць навуку мне: Без навукі жыць пагана; Яе сню, панок, у сне — Так хачу я знаць навуку, За яе б аддаў жыццё… Хоць бы першае знаццё. — I цалуе пана ў руку. — Пакажы мне, панок, ноты, Растлумач мне, як і што; А за панскія турботы Хай жыве пан гадоў сто! — Сто гадоў!.. не кепска плата. Што ж, распіску дай ад Бога; Сто гадоў — яму нічога: У яго гадоў багата… Справа добрая — навука. Славу, хлеб яна дае… Але, хлопча, дзе парука, Што не згінеш праз яе? Ты разумен без навукі: Помніш, князю што казаў? Ты б язык свой прытрымаў — За такія, браце, штукі У мех садзяць, каб ты знаў! Вось затым сама прырода Вас пускае слепаком, Каб з вас менша была шкода. Раз мужык — будзь мужыком, Маеш хлеб — і жуй цішком. Будзь даволен сваёй доляй. Што ж з ім гутарыць тут болей? Сорам хлопцу — так аплёван У жаданнях, у імкненнях! Як жа так, каб у праменнях Ды знявагі бруд быў схован? Не: праменні чысты самі, Струны чысты, дух што будзяць. Але людзі і іх брудзяць, Топчуць іх у гразь нагамі. Горка стала тут Сымону: Нё ж ён будзе век сляпым I не будзе век разгону Гэтым марам дарагім? «А дзе праўда, браце мілы? Справядлівасць тая дзе? Хто ў пагардзе да магілы Лёс мужычы наш вядзе? I чыя рука ліхая, Чый жа гэта жорсткі суд Мне каменнем высцілае Жыцця гэты цесны кут? I чаго я тут прыдбаю? — Разважаў цяпер Сымон. — Права людскасці не маю, У твар сунулі ражон! Дык чаго ж я марна трачу Між чужынцаў дні свае, Светлай волечкі не бачу? Песні вольныя мае! Эх, пара нам у дарогу! Зачакаўся ты, мой кій, Сэрца б’е сваю трывогу, Вецер, голасна завый! Бо хачу я ў спевах буры Аднавіцца і аджыць I дажджом грымотнай хмуры Замку фуз і бруд абмыць». Волі, волі і прастору! Прэч граніцы! Ёсць жывыя там крыніцы, Ззяюць зоры, Бліскавіцы. Гэй, угору! Поле шырокае, роднае поле I збожжайка шаты, Прастор мнагадумны, Разумны! Хай жа спаткае нас шчырая воля, Асветліць і хаты I гумны! Я — выгнаны сын ваш, так: я — бадзяга, Без ласкі, без долі; Я — колас без нівы Маўклівы. Хай жа адна нас атуліць сярмяга — Той вецер у полі Шумлівы. Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе, Удумныя дрэвы, Зялёныя шаты, Мой брат ты! Там лісцейка дуба высака ўверсе Выконвае спевы Заўзята. Там весела-вольна, ціш там лунае… Краіна другая, I фальшу няма там. Як з братам, Гутарыць краска з табою лясная, I ты, дарагая, Была там. Сонейка ты маё, радасць мая ты! Дзе ты цяпер? дзе ты? Ты дух мой будзіла, Жывіла… Не: не міну, не міну твае хаты, Хоць, можа, мяне ты Забыла. А тут… павуццё пана-магната, Панурыя сцены I валы-акопы, Затопы. Многа ахвяр тут, эх, як багата! Ламалі рамены Тут хлопы. Ткаў прагавіты павук свае сеці, I вязлі ў іх мухі I мошкі малыя, Сляпыя. Але ёсць праўда, ёсць яна ў свеце, Ёсць страшныя рухі Жывыя! З кожным днём мацней штось гнала Хлопца дальш ад гэтых сцен, I душа яго жадала Новых з’яў і новых змен. — Эге ж, хлопча: іншы рады Панству ў замку слугаваць I цярпець, знасіць іх здрады, Толькі б панскі стол лізаць. Адзін быў тут дзед Даніла, З кім Сымонка сябраваў. Адзінота іх радніла, Голас волі іх злучаў. Дзед любіў балот разлогі, Глуш лясоў, дзе ён узрос, Дзе хадзілі яго ногі Летнім часам і ў мароз. — Хоць бы раз яшчэ, здаецца, На Палессе мне зірнуць: Так душа туды ірвецца — Пушчы роднай спеў пачуць. Недалёк мой час змяркання, Там жа ўвесь мой род ляжыць, I адно маё жаданне — Там навекі супачыць. Жыцце ў замку йшло без змены. Раз заведзены там лад Не парушваўся, бы сцены, — Цвёрды чыйся быў загад. Ды на свеце ўсіх здарэнняў Не прадбачыць і мудрэ$, А прыходзіць разбурэнне; Дзе пачатак, дзе канец. Дзе іх схованы прычыны — Не ўсім сцяміць і згадаць, Але грозныя навіны Сталі замак засмучаць. Князю ліха налучылась: Князь забіт бы неўзнарок, Чыясь куля памылілась I прабіла яму бок. Страх у замку заснаваўся, Змоўк там шум, вясёлы жарт, I над вежамі падняўся Чорны ўвесь, як ноч, штандарт. — Вось што, хлопча, гук сякеры, Што мы чулі, азначаў: Для няшчасця ў замак дзверы Хтось уночы прасякаў… Ну, цяпер разруха пойдзе, Эге ж, так: адна бяда Спадарожных сабе нойдзе, I ў кампанні цэлай войдзе З ёю бед тут чарада. Мы ж цяпер з табою — мошкі, Непрыметныя для воч: Можам смела ў пуць-дарожку З замка выбрацца мы ўпроч. Ноч у замку. Варам дыша, Парнасць вее ад зямлі, I паблісківае-пыша Хмара цёмная ўдалі; Віхар вогненны гуляе I рве мрок узлётам крыл, I гарыць і палыхае За лясамі небасхіл. А ў касцеле звоны звоняць, Гукі жудасныя роняць, — Позна правіцца імша[41]: Нагла[42] зніклая душа Грэх знявагі, уціснення, Што ад роду ўжо і ў род Гнуў людскія пакаленні, Крыўдзіў знішчаны народ, — Замаліць цяпер жадае, Ноч гатова агарнуць, Невядомы лёс чакае, Жджэ яе нязнаны пуць. I яшчэ страшней у замку, Бы з адвечных тут муроў Паспадалі часаў клямкі, Каб папомсціцца за кроў… — Час нам, час у пуцявішча, Жджэ на возеры чаўнок… Неспакойна неба блішча, Навальніца йдзе, сынок. Рэжа човен водаў лона, След-палёт тае стралы, Слізгаціць чаўнок шалёна, Гоняць два яго вяслы. Далей замак з кожным разам, Блісь маланка — ён, бы змей, Страшным выплыве выразам Ды ў мрок спусціцца чарней, Нібы грозіць і сярдуе На сваіх няверных слуг… Човен дном пясок шаруе, Цішыня і мрок вакруг. Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Жах маланка! а за ёю Біць пярун пачаў, страляць. — Дзед, глядзі: унь вежа збіта! Бач, агні як абвілі! — Эге ж, хлопча, не забыта Тая праўда на зямлі. вернуться39
Абэцадлы — тут у сэнсе: вавука, грамата.
вернуться40
Васпан — ваша міласць.
вернуться41
Імша — каталіцкая абедня.
вернуться42
Нагла (польск.) — нечакава.