II

Я пайду, адзін пайду я. Вольны вецер хай гадуе Мае думкі, мае мары, Мае песні, казкі-чары. Я пайду, міну лясочкі, Што чарнеюць, нібы бровы: Там пабачу я свет новы, Там пацешу свае вочкі, Там другія ўчую словы… Я міну, міну лясочкі. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам I чаруюць новым краем, Клічуць к нейкім нрвым зорам Далі, злеглыя за гаем. На прасторы сэрцу люба! Прывітаюць мяне краскі I мне будуць баяць казкі, Мне ўсміхнецца постаць дуба, Чараў поўная і ласкі, — На прасторы сэрцу люба! Пабяжыць у свет дарога Праз узгоркі, праз лагчынку; Будзе ветрык гнуць былінку, I навеюць думак многа Мне пра мілую дзяўчынку Далі тыя і дарогі. Я пайду, адзін пайду я. Няхай дзед сабе сярдуе: Я яму цяпер не служка — Сам сабе хачу быць панам, Разлучыцца ўжо пара нам. Вольным быць хачу, як птушка. Ціхай ранічкай, да сонца, Хлопчык выбраўся з двара, Ідзе ён у свет бясконцы Пашукаць таго дабр’а, Каб змяніць свой лёс паганы, Новым спосабам зажыць, Каб увагі і пашаны Перад ёю заслужыць. У Сымонкі планаў многа. О, ён слаўна зажыве! Гэта новая дарога Родзіць мары ў галаве… Па баках палі ляжалі, Пападаліся гаі, I дарогі прабягалі Чыста срэбра-ручаі I шчасліва беглі далей Між высокіх беражкоў, Гаманіла хвалька з хваляй Спевам роўным галасоў, Хлопцу ў душу закідалі Водгук згоды і спакой; Іх алешыны віталі I ад сонейка хавалі, Стаўшы дружнаю сцяной. Беглі сцежкі між жытамі Па пагорках, па лагох, I ззяў гожа васількамі Поля жытняга разлог. Шоў Сымон адзін, свабодны I не звязаны нічым. Чуўся ён і полю родным I тым хмаркам веснавым; I вітаў іх, ім смяяўся Падарожны малады I ціхутка ў іх пытаўся: «А вы, мілыя, куды? Дзеткі сонца і зямлі, Клопат, думкі — ўсё пазбыта, Вас нягоды абышлі». А дарога у пяць нітак Павіваецца, бяжыць, Наабапал з ёю жыта Каласкамі гаманіць. I бягуць-бягуць малюнкі Поля, лесу і лугоў, I ляжаць, бы тыя стрункі, Зелень-засевы шнуроў. А вось там, на павароце, Дзе высокі крыж стаіць, Яблык вежы ў пазалоце Ззяе ў небе і гарыць. Хлопчык далып ідзе дарогай, Сонца стала прыпякаць. Разважаць пачаў убогі, Дзе б спажывы пашукаць. Убок сцежка павярнула, Лёгшы зграбнаю дугой, А з-за дрэў страха зірнула I два коміны на ёй. Падышоў Сымон — карчомка Са стадолай і дваром: Добра ўсім вядомы Шлёмка Быў даўно тут карчмаром. Шлёму лаялі і білі, Ды не моцна, не са злом, Бо яго такі любілі, Не міналі яго дом. I то: як з ім не паладзіць? Як бы ты ні быў з ім груб — I пасудзіць і парадзіць Ды і выпіць даць не скуп, Абы толькі былі грошы, Няма грошай — напавер, — Адным словам, быў харошы, Толькі й ты яму адмер. Дык не дзіва, што да Шлёмы Плыў народ, як у касцёл, Шоў і свой і незнаёмы, З хутароў ішлі і з сёл. Тут пасэсар[13], арандатар, Дробны шляхціц, важны пан, Хто папіць, гульнуць аматар, Кожны міл быў і жадан. Затрымаўся тут Сымонка: Ці зайсці яму, ці не? Паглядзеў — пуста скарбонка! «А што зробіцца тут мне?» Хоць нясмела, ды ступае На карчомны ён парог I са страхам азірае Гэта логава-бярлог. Удоўж сцен стаялі лавы; За сталом — гурткі людцоў, На сталах — сляды патравы: Хлеб, агрызкі селядцоў. Пры бутэльках гоман яркі, Там і цесць, і сват, і кум; З рук у рукі ходзяць чаркі, А ў галовах бродзіць шум. Пах гарэлкі, дым махоркі Звіс пад столлю, як туман, I ад смеху і гаворкі Дрыгаціць карчма-майдан. — Го, музыка тут, музыка! Ану, хлопча, — тра-ля-ля! Патанцуем, сват Грамыка, Каб аж бухала зямля! — А музыка — дух у пятах: Як залучаць тут — бяда! Людзі п’яныя — вар’яты, — Аж бярэ яго жуда. Але тут падскочыў Шлёма. — Ну й чаго збаяўся ты? Тут, у карчме, мы ўсе дома! А ты ж, можа, не святы? Ідзі далей — месца хваціць, Ну не бойся: не з’ядуць! Паіграй жа, пане браце, У кішэню накладуць! Павярнуў Сымонка крута: — А чаго ж баяцца тут? Міг адзін, адна мінута — Талент вынесе на суд. Выняў скрыпку, смык падмазаў Ды па струнах як павёў — Ціха стала ўсё адразу, Моўкне бура галасоў. Павярнуліся галовы У той бок, дзе граў Сымон, I спыняе ўсе размовы Гэтых струн прыўдалы звон. оўна карчма тога звону, Ён яе рве берагі, I ківае ў тахт Сымону То адзін тут, то другі; А як пусціць лад вясёлы, Забірае рух мужчын: Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін; I самога нават Шлёму Забірае гэты рух, Падае кійкі другому, А сам кажа толькі: «Ух!» Выйшла Хава, дзецяняткі Пазбягаліся сюды, Ходзяць плечы іх, лапаткі На вясёлыя лады. Кончыў граць, скідае шапку — Даказаў сваё ж такі! I працягвае ён лапку — Зазвінелі медзякі. Адараюць хлопца шчыра I грашыма і дабром, А Грамыка даў паўсыра I дзесятку серабром. А ў агульным шуме-крыку Выхвалялі яго ўсяк: — Чый ён, жэўжык? Ось музыка! Ось, псякроў яго, мастак! Першы крок — пачатак справы, Слова — Шлёмы самаго, Штось прамовіўшы да Хавы, Ідзе Шлёма да яго. — Слухай, хлопча, мой малойчык! Хочаш нештачка ты знаць? Да мяне зайдзі ў пакойчык: Маю штось табе сказаць. Што ж ён скажа? знаць цікава! Трохі цяміць і Сымон, Бы й на лад выходзіць справа, I ў пакойчык ідзе ён. Зашчаміўшы грошы ў жмені, Ён вайшоў у той пакой; У пакоі страхаў цені Мільгатнулі талакой. Вочы ўзняў ён, што за дзіва, А які ж там гэта дзед? Чаго ён глядзіць так скрыва? I дзіўны ж такі партрэт! Пойдзе ўлева, стане ўправа, — Рабін[14] поглядам жывым Так і цягнецца за ім! Вось праява, дык праява! Хіба ўгневаны ён чым? Але валіць тут кагалам Племя Шлёмава ў пакой I пастала цесным валам I гудзе наперабой То з Сымонкам, то з сабою, А з іх самы дасціпны Бярэ скрыпку і рукою Дакранаецца струны; I не рад Сымон той чэсці I кампаніі такой, — Хоць бы ногі як унесці, Горш астрога той пакой! А той Хаім змайстраваўся, Каб і смыкам павясці, — Тут Сымон усердаваўся Ды стаў Хаіма трасці. Хаім толькі скаліць зубы, Скрыпку ўжо бярэ Абрам. — Го, Абрамка! го, мой любы! Скрыпка кажа — ці-ра-рам? Ён да скрыпкі здольнасць мае… Ну, пайшлі вы! вон! авэк! — Шлёма новы тон прымае, Шлёма — спрытны чалавек! — Вось паслухай мяне, Шлёму: Знаю, хлопча, я твой хлеб! Кепска жыць вось так, без дому, — Я ўсё бачу, я не слеп. А ты б мог жыць так як трэба, Мець прыпынак, пэўны кут, I па бораду мець хлеба, I не мець вось гэты бруд. На табе ж адно лахмоцце, — Уй, які халат-рызман, На цябе зірнуць страхоцце, I сам высах, як таран. Трэба ж справіць і адзенне, I мець боцікі ў запас, I да квасу мець, і квас, — Трэба ў грунт пусціць карэнне; Трэба ж нешта мець на мэце, Калі маеш тут цара, А не шворыцца па свеце, У двор ходзячы з двара. А што выхадзіш? нічога! Проста… нельга тут маўчаць! — I пачаў, пачаў малога, Як той бацька, навучаць. — Хочаш быць ты чалавекам? Хочаш мець прыпынак-кут? Заставайся ў мяне тут! Пад маёю будзь апекай. У мяне бываюць людзі, Ды не простыя — паны, Любяць музыку яны; Вечарынка часам будзе, А ты возьмеш сабе скрыпку — Цім-та! цім-та! Ці-лі-лі! — Шлёма рукі ўскінуў шыбка, Як бы струны там былі, А ён сам мастак-музыка, Аж Сымона бярэ смех. — Ну, турбота невяліка, I адмовіцца тут грэх! Дык якое тваё слова? Ну, падумай і скажы! — А што ж? граць мне ўжо не нова, Скрыпка, смык мне не чужы, I я згодзен быць у пана, Я застацца тут гатоў! Так Сымонка негадана Там прытулішча знайшоў. вернуться

13

Пасэсар — часовы ўладальнік, арандатар маёнтка.

вернуться

14

Рабін (яўр.) — духоўная асоба.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: