Частка трэцяя

I

О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў, Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, Дзе бары-лясы гудуць, Дзе мядамі пахнуць грэчкі, Нівы гутаркі вядуць; Гэтых гмахаў безгранічных Балатоў тваіх, азёр, Дзе пад гоман хваль крынічных Думкі думае прастор; Дзе увосень плачуць лозы, Дзе вясной лугі цвітуць, Дзе шляхом старым бярозы Адзначаюць гожа пуць? Гэй, адвечныя курганы, Сведкі прошласці глухой! Кім вы тут панасыпаны? Чыёй воляю-рукой Вы раскіданы па полі, Даўных спраў вартаўнікі? Эх, не скажаце ніколі, Што казалі вам вякі! Вы пуцінаю няроўнай Бежыце ўдалечыню, У бок Віліі чароўнай І пад светлую Дзвіну. Край мой родны! Дзе ж у свеце Край другі такі знайсці, Дзе б магла так, поруч з смеццем, Гожасць пышная ўзрасці? Дзе бы вобруку з галечай Расквітнеў багацтва цуд I дзе б з долі чалавечай Насмяяліся, як тут?.. Скрозь вяночкі дрэў вясёла Над мястэчкам ці сялом Цэрквы, стромкія касцёлы Вежы ўзносяць к небясом. А званіцы перад святам У касцёл, царкву завуць, Каб «прад Богам і прад братам Віны ўсе свае пачуць». Родны край! у Божа імя, У чэсць косцелаў, царквоў Паміж дзеткамі тваімі Многа легла камянёў; Многа выйшла трасяніны — Меч, агонь знішчалі край: З двух бакоў «айцы» дубінай Заганялі нас у рай! Кроў лілася ручаямі, Здрада чорная расла, Што папамі і ксяндзамі Ў сэрцы кінута была. I цяпер над намі, брацце, Яшчэ ў сіле той раздор — I папоўскае закляцце, I ксяндзоўскі нагавор. Брацце мае, беларусы! У той кнізе людскіх спраў Сам лёс, мусіць, для спакусы Гэты край нам адзначаў. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш звэяваць, А нас цяжка ў сэрца раніць, Пад прыгон узяць навек, Нашы скарбы апаганіць, Душу вынесці на здзек, Каб у віры той ашукі Знішчыць нашы ўсе сляды, Каб не ведалі і ўнукі, Хто такія іх дзяды. I лілася кроў нявінна, Швед набытак наш паліў, А ўрад царскі самачынна Тут гвалтоўнасці тварыў, Будаваў астрог народу I барбарскім капылом Мерыў волю і свабоду, А культуру нёс з калом. I без жалю капытамі Конь казацкі тут ступаў I збажынку з ярынамі Талачыў і драсаваў. Родны край! ты разарваны, I на захад ад мяжы Пан пыхлівы, надзіманы Моцна сцягвае гужы, Каб з варшаўскае майстэрні Беларусу сшыць халат, Ды ні ксёндз, ні пан не верне Плынь гісторыі назад! Эх, чаго нам не прыйшлося, Брацце мілыя, ужыць! Колькі талентаў звялося, Колькі іх і дзе ляжыць Невядомых, непрызнаных, Не аплаканых нікім, Толькі ў полі адспяваных Ветру посвістам пустым! Дык хіба ж мы праў не маем, Сілы шлях свой адзначаць I сваім уласным краем Край свой родны называць? * * * — Гэй, Сымон! Сымон! ты чуеш? Сонца ўжо ўзышло — пара! Ці забыўся, дзе начуеш? Час нам выбрацца з двара! — Дзед-жабрак прачнуўся рана, Будзіць хлопца. — Уставай! Хварэць нечага на пана, Хоць падзяку людзям дай! I збірае дзед манаткі Ды бубніць сабе пад нос: «Дзе ж ён дзеўся, небажаткі? Куды прах яго панёс?» — Эй, ты чуеш? дзе ты згінуў? I няма адказных слоў. Дзед трывожна погляд кінуў: — Мусіць, збег, каб я здароў! I затросся дзед ад страху, Думка мозг яго ажгла: «Абакраў, гад, і даў маху!» I сама рука лягла На мяшэчак пад пахвінай, Але цэл той вузялок. I мысленна прад хлапчынай Тут пакаяўся дзядок. «Але дзіва, што з ім стала?» — Сам сябе стары пытаў. А тым часам сонца ўстала, Промень першы завітаў У гуменца з-пад шчыцінкі, I ў палосцы залатой Незлічоныя пылінкі Закружыліся, як рой; Пташкі-ластаўкі ляталі То на двор, то са двара, Над гняздзечкамі снавалі I так міла шчабяталі, Як бы жычылі дабра. Злез дзед з торпу ў замяшанні: «Дзе ж падзеўся той Сымон? Ці дзе ходзіць спазарання, Непаседа-ветрагон?» Абышоў дзед двойчы клуню, Клікнуў раз, другі — няма! I напала на дзядуню Неадчэпная дума: «Кінуў хлопец яго, кінуў! Эх, не ўмеў з ім ладзіць ён!» I шкада яму хлапчыны — Збег музыка, збег Сымон! — А дзе ж хлопчык твой, дзядуня? — Няма, панюхна, няма Ні за клуняю, ні ў клуні, Вось шукаю, ды дарма, — Ну, знік проста, як кампора[12]… Ой, праспаў яго, праспаў! Ой жа ліха, гора, гора! Я без хлопчыка прапаў! Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты, Аглядзелі ўсё кругом, Нават збегалі к суседу, Каб напасці хоць на след, — Не знайшлося нідзе следу, Сіратою стаўся дзед. — Ось, як бы я страціў сына, Так шкада, каб я здароў! — Уцёк, дзедка, твой хлапчына Да другіх гаспадароў! Ганна смутна і маркотна, Яна думае аб ім. Дзе ж падзеўся ён, гаротны? I куды пайшоў? за чым? I чаму ён не паведаў? Хоць бы слоўка ёй сказаў! Эх, нядобры хлопчык дзедаў — Свет дзяўчынцы завязаў! А яна ж аб ім гадала, Думку марыла аб ім: Ці ж было б тут свету мала? Ён бы й тут быў не чужым. Папрасіла б яна тату — Так напэўна б і было, — Каб яго прыняць у хату Ці прыстроіць дзе ў сяло… А мо ён дзе спіць на сонцы У садку за вішнячком? Ёй надзеі ткуць красёнцы Залаценькім чаўначком. I дзяўчынка ў той надзеі Ідзе ў сад, ідзе сама. Але там, на санцагрэі, Пуста ўсё, яго няма! Пуста ў садзе і журботна, Як бы страціў нешта сад, Нават лісцечка дрыготна Шум вядзе на смутны лад. А вось тут, пад гэтай грушай, Ён сядзеў, а з ім яна. Ён тут сэрца ёй парушыў, Вымаўляла тут струна. Выйшла Ганна на дзядзінец, Сэрца сцісквае туга. Унь у свет бяжыць гасцінец, Над ім сцелецца смуга. Навакол ляжаць прасторы, Тчэ ім наміткі туман, I замлелі ў хлебным моры Хвоя тая і курган… Знаць, не вернецца ніколі, Там чужыя рубяжы, А на ростанях — таполі Ды збуцвелыя крыжы. Куды ж ён пайшоў? куды? Дзе ляглі яго сляды? Нікнуў зорак блеск халодны, I святлеўся неба край; Лёгкі пар, туман усходны, Апяразваў лес і гай; А Сымон, ачараваны Гэтай раніцы красой I выпадкам негаданым Добрай ночкі веснавой, Сам не ведаў, што з ім, дзе ён, Проста чуў, што ён шчасліў, Чымся новым быў авеян, Новых сілак чуў прыліў. Ён пазнаў тут асалоду, Ён пазнаў тут новы свет, То, чаго не ведаў зроду, — Ласкай хлопчык быў сагрэт. Ён цяцер, бы на граніцы, На высокім рубяжы; Па адзін бок — блеск дзянніцы, Па другі — цьма, дзе ён жыў. Ён цяпер — бядак, убогі, Выклікае толькі жаль. Ці ж зачынены дарогі У той край, у тую даль, Дзе здабыць ён можа долю, Шчасце талентам здабыць? Ён жаданням дае волю, Ён, як людзі, хоча жыць. Азірнуў ён і абмерыў Далі ветлыя палёў, Сіле ён сваёй паверыў, Зову новых галасоў. I Сымонка азірнуўся, Кій-крывулю свой узяў, У бок дому павярнуўся, Ганну ў сэрцы павітаў: «Будзь шчасліва, краска-зорка! Не пагардзіла ты мной, I ў маёй ты долі горкай Будзеш зданню дарагой. I вы будзьце ўсе здаровы, Будзь і ты здароў, дзядок. Няхай к вам з набыткам новым Новы з’явіцца дзянёк!» вернуться

12

Кампора (камфора) — цвёрдае лятучае рэчыва.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: