III
Дом карчомны быў вялікі, Месца хваціць хоць каму, А тым болей для музыкі: Чаго ж трэба больш яму? Кухня будзе сем на дзесяць, Там ёсць печ, за печчу — кут. Хоць прусы там куралесяць, Але Шлёма сказаў: «Гут!» Што там добра? — цёпла, суха, Спі сабе, як добры пан, А што ходзіць прус-псяюха Або злодзей-таракан, — Пагадзіцца з гэтым трэба: Многа ў свеце валацуг, Жыць дазволіла ім неба, Іх не возьмеш на ланцуг. У той кухні меў пасаду Шлёмаў парабак Яхім; Хлопца ўзяў ён пад уладу I памог яму сім-тым. — Ось цяпер ты князь, ды годзе! Пазайздросціць сам прусак, Той, што ў шчыліне-гасподзе Век праводзіць, небарак, — Жартаваў Яхім з музыкі, Як абладзілі пасцель. — I сам Шлёма, пан вялікі, А яшчэ большы круцель, Так не будзе з сваёй Хавай I ў пярынах спачываць, — Так казаў дзяцюк рухавы, Бо любіў пажартаваць. Агню няма. У кухні цёмна. Спіць Яхім, А думкі-дым Плывуць сукромна, Як і цьма. Не спіць Сымон. Карчма варожа. Рабін там I Шлёма сам. Тут нейк нягожа, Не йдзе сон. Але дарма — Пяройдзе ночка, Будзе дзень, I нікне цень У тым куточку, Нікне цьма. Яркім светам, Агняцветам Свеціць штосьці, — То — Яна! I з усмешкай Думак сцежкай Прыйшла ў госці, Бы вясна! Скробат мышкі, Крокат вышкі, Кашаль сценны, Звон крыла. А яна з ім Ходзіць разам Блескам дзённым… Прэч, імгла! Яны ўсюды Толькі ў пары, Але імі Повен свет. Песні-гуды, Думкі-чары… Яе імя — Агняцвет! I падхопяць зноў Сымонку Думкі-мары, мыслі-сны Ды ў яе нясуць старонку, Дзе спаткаліся яны. У вачох — садок прыветны; Бн авеены дабром, Звіс над ім спакой сусветны Дыяментавым шатром. А ў шатры тым — зор блісканне, Спеў музычны цішыні, Мілы голас, вобраз-ззянне, Вочак промені-агні. А ва ўсім тым карагодзе Думак-вобразаў і мар Выкрадаецца, як злодзей, Цемнік-сон, сон-уладар. I хлапчынка ўжо не знае, Дзе тут сненне, дзе тут яў, Дзесь далёка дух лунае, — Крыллі сон яму разняў. У аправе кос іскраных Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны, Паліць свечачкі ў галлі I пучочкамі скрозь лісце Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці I для радасці і ўцех. Ён зірнуў і ў кут Сымонаў I сказаў, відаць, па дружбе, Што Сымонка тут на службе, Каб службовы доўг выконаў. Ён пасцельку прыбірае, Думак поўна галава, Ён над службай разважае — Што ж за служба? Якава? А тым часам выйшла Хава, Аддае такі загад — Кухню вымесці рухава, На двор выгнаць куранят. Так зачаўся дзень тут новы — На паслугах хлопчык наш: Ён па воду, ён на дровы, Ён і ў пограб і ў салаш. I сам Шлёма дасць работу, Бо ўсё згодзіцца ў жыцці, На ўсё трэба мець ахвоту, Каб свой потым лёс знайсці. Праўда, хлопца прыадзелі, Далі Хаімаў каптан, Шлёма з Хавай аглядзелі I сказалі: «Ну, як пан». I Сымон быў рад і з тога; Зубаскал жа той Яхім Тут пасмейваўся з малога I пацвільваўся над ім. — Падарунак, браце, хвацкі! Ты цяпер — пан Лапсярдацкі. Эх, ярмолачку б дадаць! Кім ты стаўся б — не згадаць! Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапсярдак! — Хоць Яхім быў хлопец не злы, Ды на кеплі быў мастак. Хлопцу ўсё было тут нова: Шлёма, Хава і іх дом, Звычай іх, жыццё і мова, Іх трусенне над рублём. У карчомцы быў асобны, Свой уласны жыцця лад, Свой рахунак, брудна-дробны, Права, звычаі і ўрад. Карчма рэдка пуставала: Чуць развідніцца — сюды Хоць чыя душа вітала, Шоў стары і малады. Цэлы дзень рыпелі дзверы; I былі такія тут, Што ніяк не зналі меры I, сагнуўшыся, як склюд[15], Вартавалі церпяліва Кампанейскіх малайцоў, Пазіралі так лісліва На заезджых тут людцоў. Так было тут у дзень будны, А ў святы і не прайсці: Брата, бацькі было трудна Тут разгледзець і знайсці. Але ўлетку, то нічога: Вось зімой зайдзі ў карчму! Тут падзівішся, нябога, Збудзеш смутную думу. Тут падчас трасуцца сцены, Лавы крышацца, як соль. Часта ў ход ідуць палены, Як разыдзецца тут голь. Сёмка тут пачне казанне, Як Мацюта лез на плот, Як Чылін спяваў літанне, Як жаніўся Лысы Дод; Пра шаўца пачне ён казкі, А як скажа — з смеху ляж! Як у Хасі з яго ласкі Нарадзіўся Масыяш. Два Антосі — Лузун, Лата — Пацяшаюць тут усіх, А Базыль, Карусь, два браты, Зводзяць двух братоў другіх. Тут зубамі крэпкі Сыса Ступу тоўстую насіў, А вар’яту Янка Лысы Пуза ботамі мясіў. А той жылы ўсе напружыць, Голы выпучыць жывот, Янку носіць ён і кружыць — З смеху поўзае народ. Тут, бывала, ў карк Піліпа. Жонка гнала з карчмы вон, I аб сына стары Клыпа Чапялу ламаў ці млён[16]. Тут ігрышчы адбывалісь Перад святамі зімой, I трасліся, калыхалісь Сцены, дошкі пад нагой. Дзецюкі, пабраўшы пары, Тут ляталі, як віхры, Як у полі на папары У гіз бегаюць валы. Верцяць дзевак, бы круцёлак, На паветры іх нясуць, Сцены, прыпек і пяколак[17] Іх хвальбонамі[18] мятуць; Аж падлога пад нагамі Гнецца, крэхча і рыпіць, I агонь у тахт з рубцамі Ў лямпе з подскакам гарыць. Патамяцца, папацеюць — Дзверы насцеж — на мароз, Покі лбы пахаладзеюць I пачне сінецца нос. Танцавалі маладыя, Весяліліся, пілі, Для іх скокі, гульні тыя Многа радасці няслі. А Сымонка, як пракляты, Ім да трэціх пеўняў граў, Толькі ён не ведаў свята, Светлай радасці не знаў. Без ахвоты-захаплення Ускідала смык рука; Не хапала і цярпення, Сіл падчас у бедака Граць праз цэлых тры гадзіны Несканчоную кадрьгль; Марнаваўся век дзяціны, Талент друзіўся на пыл. Рана хлопчык падымаўся, То каморкі падмятаў, То пры кухні завіхаўся, Шлёму, Хаве памагаў. I так кожны дзень заняты, А каб час не марнаваў, Ад Сымонкі Шлёма кляты Смык і скрытнсу адбіраў. — Так, мой браце, так, Сымоне, — Падбаўляў агню Яхім, — Не ў гуморы ты штось сёння; Шлёма — кепскі твой айчым. Ты — падкухцік, ты — музыка, Падмятайла, ваданос, Лупіць Шлёма з цябе лыка, Як каня запрог у воз! Бедны ты, брат, і няшчасны — Без кароны стаўся цар: Над скрыпуляй над уласнай Ты цяпер не гаспадар! Няма ў Шлёмы к табе ласкі, Не згрунтуеш ты, брат, з ім! Цяжка жыць з чужой папаскі, Лепш ідзі к бацькам сваім: Сэрца бацькава не камень, Бацькаў хлеб смачней віна, I не зломіць табе рамень[19] Праца бацькава гумна. — А ты служыш вось, Яхіме. — Ну, то я — другая справа: Шлёма мне духоў не выме I не возьме ў рукі Хава. Я, брат, знаю, што мне трэба, У мяне ёсць пэўны план: — Я вазьму кусішча хлеба, А не зношаны каптан! Я — салома, ён — мякіна, Мне гарэць, а Шлёме — гніць, I салома-сіраціна З вольным ветрам паляціць. Толькі ўскіну я вачыма — Мой і погляд робіць след, Ты пачуеш пра Яхіма I сам родзішся на свет… Эх, Сымон!.. ды ты не пара, Не таварыш ты мне, друг: Мой таварыш — воўк паджары, А быць можа, і ланцуг. Праўду кажа ці жартуе? Ці наводзіць ён туман? А мо шайку дзе гуртуе Ён, разбойнік-атаман? Не, у карчме штось няладна. А той рабін! Ён дзіўны, Вочы злосны, неспагадны I нянавісці паўны. Ляжа хлопчык у куце тым, Сон не йдзе. Ён там адзін; Эх, нямала тых гадзін Аддае ён думкам гэтым! вернуться15
Склюд — тапор з выгнутым тапарышчам.
вернуться16
Млён — ручка, пры дапамозе якой круцілі жорны.
вернуться17
Пяколак — шырокі прыступак у бакавой сцяне печы.
вернуться18
Хвальбоны — аборкі на падале спадніцы.
вернуться19
Рамёны — плечы.