IV

Быў якраз пачатак мая. Ну й была тады вясна! Ось такая, што бывае Можа ў сотні лет адна: Было ў меру ўсё і ў пору: Дожджык пройдзе, зноў цяпло, Травы, краскі гнала ўгору На прастору, на святло. Выйдзеш з хаты надасвеце, Так і піў бы дух зямлі, І раслі б, здаецца, дзеці, Каб іх кінуць на раллі. А дзянёчак як настане, Тая ранічка вясны! Кропля роскі на каштане Блеск запальвае дзіўны; У ёй зорчын смех блукае, І вясёлкі ў ёй дрыжаць, А лес радасцю гукае, Шчасцем вее сенажаць. А вакол так ціха-гожа, А паслухаеш — чутно, Як расце трава і збожжа — Нівак свежае руно. І з зямлі празрыстым парам К небу ўзносіцца туман, Як малітва сонцу, хмарам, І дрыжыць, гарыць пажарам Скат узгоркаў і курган. Ну, вясна была на дзіва! Не, Сымонку не забыць Той вясны, пары шчаслівай, Покі ў свеце будзе жыць! То было нейк у суботу. Слаўны выдаўся дзянёк! Моцна парыла, а потым Стаў павейваць вецярок Ды густы, падуў з заходу І засценьваў неба край. — Будзе нейкая прыгода, Ходу, хлопча, падбаўляй — Ці не пройдзе дождж, глядзі ты: Млявасць чуецца, цяжар; Так і спаў бы, як забіты, І так парыць, такі вар, Што насілу цягнеш ногі, Хоць лажыся дзе пад плот. Дзед з Сымонкам шлі дарогай Між палёў у свой абход. — А ўжо сонца невысока, Не мінуць бы хутароў. Бачыш ты іх? Ці далёка? — Тут, дзядок, няма двароў, — Паглядзеўшы, хлопчык кажа. Зноў маўчком яны ідуць; А на захадзе, як сажа, Хмары цёмныя ўстаюць, І варушацца клубы іх,         Як жывыя,         І сівыя, Нібы голавы на шыях Нейкіх волатаў дзіўных, З багна неба насланых, Ды, як змей многагаловы, Націскаюцца цяжэй; Глушыць землю шум іх мовы, І выконвае ім словы Гром выразней і мацней. Ідзе хмара. Бліскавіцы Палыхаюць і гараць. Сам пярун там грозналіцы Перайшоў зямлі граніцы І вядзе над ёю раць. Лук яго з маланак звіты, Хмара — шчыт, а стрэлы — гром, Бура — конь многакапытны; Ён віхрамі апавіты, Неба ўсё яму шатром. І ўеё ніжай і ўсё ніжай Абвісае хмар страха, І ўсё грозней ды ўсё бліжай Гром, зачаўшыся сціха, Забушуе, бухне ў боры Гукам-грукатам пярун І пагоніць гуды ў горы, Гне лясы, гудзе лясун, Як гудзе струна гітары. Пазіраў Сымон на хмары. Што ж яны там выраблялі! Як клубіліся яны! Як маланкі іх аралі! Як траслі іх перуны! — Дарма выбраўся ў дарогу, Дзе ж схавацца нам цяпер?.. Вер у Бога, але Богу Не заўсёды, браце, вер! — Дзед ісці хутчэй стараўся І Сымона падганяў, Шоў, на момант прыпыняўся, Хаты поглядам шукаў. — Ну, грымоты, ай, грымоты! І ўвалье ж нам, ого-го!.. — А скажы дзядок: чаго ты На гром хрысцішся? чаго? Толькі блісне бліскавіца, Ты і хрысцішся? Чаму? — Ты, Сымон, яшчэ дурніца, І тлумач усё яму. А затым, каб злога духа Гэтым крыжам адагнаць! Як жа гэтага не знаць? Каб не лез злы дух, псяюха, Бо Ілья яго, паганца, Лупіць стрэламі грамоў, Раз’язджаючы ў маланцы Над зямлёй між аблакоў; Вось ён схованкі шукае Пад хрышчонаю душой, Бо на свеце чорт блукае, Каб пакепліваць над ёй. — Хлопчык слухаў у здзіўленні, Вочы кідаў на карчы, А ў пужлівым уяўленні, Ўсталі чэрці-рагачы. Унь на дзераве з бярозы Рожкі вытырклі і хвост, Штось пабегла там у лозы, Нешта скокнула пад мост. А што там у пні за дзіва? Вушы, нос і капыток… Ну, напэўна там чарток Прытаіўся палахліва. А па хмарах на маланках Громы кідае Ілья, Аж калоціцца зямля, Цёмна стала на палянках. — Дзедка, бачыш, унь сядзіба, Па-над лесам хутарок! — На ачосы пойдзем хіба, Ды хутчэй, хутчэй, сынок. Са шляху яны звярнулі, Нацянькі ідуць мяжой. Хмары ж неба апранулі, Даль закрылася імглой. Як жывое срэбра, важка З хмар пярэдніх дождж упаў; За маланкай следам цяжка Гром страшэнны загучаў. І, здалося, не стрымала Хмара цяжару грамоў, Раптам ставы разарвала, Нібы лёд рака ўзламала І пабегла з берагоў. Слепіць вочы бліскавіца, Бура, громы, навальніца, Па зямлі бягуць крыніцы… Вайшлі ў хату дзед з Сымонам, Чэсць далі гаспадаром, Старасвецкім «пахвалёным» Прывіталі гэты дом. Стаў Сымонка каля лавы, Хату поглядам абвёў, А халацік безрукавы Цёк у дзесяць ручаёў. Загарэў, бядак, ад сонца, Твар лушчыўся і ліняў, І мізэрна так бясконца Гэты хлопчык выглядаў! Толькі вочкі асвячалі Твар замораны, худы І так многа прыдавалі Хлопцу гора і нуды. І было ў іх задумленне Не дзяціных яго лет, І адбітак засмучэння Палажыў на вочы след. І той погляд раз даволі Хоць на момант улавіць, Каб ужо яго ніколі, Назаўсёды не забыць, Бо жыццё прайшло няскладна Па дзяцінай паласе, — І на хлопчыка ўспагадна Пазіралі тут усе. — Што, дзядуля: гэны блазан Свой табе, чужы, ці як? — Не, панюхна, не сваяк, — Так нядоляй са мной звязан. — А радню ж якую мае, Ёсць бацькі, ці сірата? — Хлопчык вочы апускае, Падаецца ў бок кута. — Як сказаць вам? збег ён з дому! Выгнаў бацька яго вон. Што ж было рабіць малому? І са мною ходзіць ён. — Тут на хлопца вочы строга Сам ускінуў гаспадар. — Бацька выгнаў? бойся Бога! Эге, ты, відаць, штукар! Што зрабіў ты, прызнавайся? Мусіць, печаны ты гад? — Кінь ты, бацька, не чапляйся! Можа ён не вінават, — Кажа ціха гаспадыня: — Што карыць яго дарма? Ад дабра свой дом не кіне, Добра ведаю сама. — Як заплача тут хлапчынка! Як прарвецца яго жаль! Аж дрыжыць ён, бы націнка, — Ну, канчаецца амаль, Бо ён першы раз, няшчасны, Слова жаласці пачуў; Слова ласкі, погляд ясны Сэрца хлопцу павярнуў. Стала ў хаце ўсім нялоўка, Бо пачулі чэрствасць, стыд, Бо з-за ласкавага слоўка Гэтак плакаў ён наўзрыд. — Сціхні, годзе, а то брыдка: Хто не бачыў тваіх слёз? — Дзед тузнуў яго за світку, За плячук яго патрос; — А чыя ж то скрыпка гэта? — Зноў спытаўся гаспадар. — А яго! О, граць ён мэта: Першай гільдыі штукар! Ну, Сымон, утні ты, браце, Хай паслухаюць паны! — Зацікавіліся ў хаце — Больш Сымон ім стаў дзіўны. Ён уцёрся кулачкамі І ўжо плакаць трохі сціх, Больш вясёлымі вачамі Ён акінуў тут усіх. Мімавольна і выпадкам Чыйся погляд ён спаткаў, Хтось сачыў за ім украдкам І вачмі вачэй шукаў. Ён ніколі не забудзе, Покі жыць на свеце будзе, Пары ясненькіх вачок, Тонкіх бровак, тварык ветлы, І на губках такі светлы, Такі добранькі смяшок. Ён яшчэ раз вочкі ўскінуў, Зноў той погляд улавіў. Тут Сымонка скрыпку вынуў, Чуць галоўку пахіліў І зайграў, ды так прыўдала, Як ніколі не іграў, Скрыпка нібы вымаўляла — Душу радасць авявала, Душу смутак ахінаў. Змоўклі ў хаце ўсе дазвання — Зачароўваў ён усіх, Толькі зрэдку, без пытання, Сам сабою чуўся ўздых. Галаву рукой апёршы, Гаспадар прысеў за стол, Нерухомы, бы абмёршы, Апусціўшы вочы ў дол. Гаспадыня, як стаяла, І застыла так, маўчыць, Бы яе штось прыкавала, На твары сляза блішчала, А струна гучыць-гучыць! Грае хлопчык ды часамі Кіне вочкі ў той куток, Каб спаткацца зноў вачамі З парай ясненькіх вачок. А яны глядзелі пільна, І ўспагадна, і прыхільна, Ды так міла, ды так гожа, Як дзяўчынка глядзець можа. Ад тых вочак шлі праменні, Сэрца лашчылі цяплом, Адганялі мрок-суценне, Душу цешылі святлом. І тады струну раптоўна Ажыўляў вясёлы тон, Плаваў смык той лёгка-роўна Ды з струнамі палюбоўна Вёў суладны гоман-звон. Так на полі ў вечар мая Ветру лёгенькі павеў Чуць калосікі гайдае Ды з іх гутаркі складае Нейкі гожы-ціхі спеў. Скончыў ён, а вобраз грання Жыў, звінеў яшчэ ў душы, Як той голас развітання, Што гучыць табе ў цішы. — Хлопчык, родны ты мой, мілы! Як жа граеш ты, браток! Як завешся ты, пахілы, Залаты мой ты чаўнок? — Хваліць хлопчыка малога Гаспадар на ўсе лады. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі… Ты знімі, дзед, свой мяшок! — Крэхча, дзякуе убогі: — Не турбуйцеся, панок! От прысяду я тут з краю, Хай вас Бог усіх цаліць… Я, панок, нашто хлусіць, — Надта хлопца паважаю, Слаўны хлопец, малайчына, Як бы ў ім мая ёсць кроў, І гляджу яго, як сына, І люблю, каб я здароў! — Але ён худы да змору… Што ж, Сымонка, не ясі? Ганна, збегай ты ў камору, Сыру хлопцу прынясі! Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка! І прыўдалая ж яна! Станік тонкі, бы націнка, Тварык — ветлая вясна, А як гляне, вочкі ўскіне, Усміхнецца — ясны дзень! Хоць якая злосць астыне, Раптам згоніць з твару цень. — Ну, частуй музыку, Ганя! — Застыдзілася яна, Як цвет маку, ўся дазвання Шчочка стала чырвана. Але вочкі ускідае На Сымонку ды ізноў Іх саромліва спускае І ніяк не знойдзе слоў Папрасіць яго як трэба. І Сымонка сам не свой: З сырам сыр есць замест хлеба, Трэ галушачкі рукой, Ніжай гне свой стан сірочы, Рук не знае дзе падзець, І не смее ёй у вочы Смела, проста паглядзець. Дзед тым часам твар жагнае, Вочы ўзняўшы к абразом, І прад імі выслаўляе Ён прыветны гэты дом. — Дзякуй вам за падвячорак! — Кажа ён гаспадаром. — Ну, Сымон, да першых зорак Можа ў Ліпы сціганём? — Хлопцу стала нейк маркотна. — Пойдзем! — кажа, і ўздыхнуў І падняўся ды гаротна Хату тую азірнуў. І заныла, так заныла Сэрца беднае яго! І журбота падступіла, А па чым яна? чаго? Зноў ісці жабрачым шляхам І жыць гэтак дзень за днём, Калі тут, пад гэтым дахам, Ён авеяны святлом! — Тут начуйце, хто вас гоніць? Унь на небе колькі хмар! Ды ўжо й позна, — ім гамоніць, Іх спыняе гаспадар: — Клуня блізка, і на сене Можна добра адпачыць, Чым вы мелі па калені Гразь папоцемку мясіць. — О, няхай вам Бог спрыяе! Нам абы-які куток, — Кажа дзед ды зноў знімае Свае торбы і мяшок.

Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: