III

Нікне ночка. Дзень чуць значна З смехам ясным на вуснох Ідзе з ёю ў стэп няўбачны І губляе ў глыбінох, Цёмна-сініх і далёкіх, Там, дзе зорачкі гараць І дзе хмарак адзінокіх Віхр не смее заганяць. Як той дзень за ночкай следам Ходзіць кожную пару, Шоў Сымон за старцам-дзедам, Дзед — уніз, ён — угару. Дзед слабеў і траціў сілы, Круг жыцця ён замыкаў І ступаў на край магілы, Хлопчык круг свой пачынаў. Шлі яны ад хаты к хаце, З вёскі ў вёску, з краю ў край, У сярмяжках — латка ў лаце, З адным толькі словам — дай! І ў прыгодзе ўсё бывала: Ціснуў холад іх, мароз, Снегам вочы засыпала, Вецер торбачкі іх трос, Як шалёны, выў, смяяўся, Біў у твар і з ног скідаў Ды ў лахмоцце забіраўся, Шапкі з іх галоў зрываў І ганяў па снежным полі, Злы, бязжаласны вар’ят. І Сымонка, як ніколі, Зазнаў горачка тут шмат. Але хлопча шоў пакорна, Мерным крокам, як і дзед; Сцежка ўсюды ім прасторна, Ім адчынен белы свет. Ды што нам у тым прасторы? Што нам шыр без берагоў, Калі мы — чаўночкі ў моры Без вясёл, без жагялёў[5]? І арлу прастор не мілы, Хоць і волен яму пуць, Калі ён не мае сілы Вольна крыллямі ўзмахнуць І ляцець, куды ён хоча — У бяздонне глыбіні, Там, дзе ў хмарах гром ракоча, Самі паляцца агні.         Неразлучны з скрыпкай-другам, Хлопчык шоў, у снезе вяз, А па хатах з дзедам цугам, Вочы ўзняўшы на абраз, Пеў жабрацкія літанні, У тон дзеду патрапляў, І дзядоўскія спяванні Ён на скрыпцы выйграваў; І тады, як зрэдку спевы Песень дзедавых святых Ціхім жаласці павевам Струн краналіся жывых, Скрыпка раптам ажывала І ўжо новым языком Жаласць сэрца выяўляла І звінела пад смыком. І тады вакол Сымонкі Ўсе збіваліся цясней, А дзядоўскія скарбонкі Накладаліся паўней. Грош завёўся ў дзеда ў латах — Запамог Сымон яму… Так па дворах і па хатах Перакідалі зіму. Надакучыла ж зіміца! Прыхадзі хутчэй, вясна: Ты — крылатая зарніца, Ты — прызыўная струна, Ты — дзяўчынка-чараўніца, Ты прыветна, ты ясна, Гучнай радасці паўна; Ты — надзей і мар злучэнне, Ты — гром песень, цішыня, Ты — надзорнае імкненне, Ты — прастора-шырыня, Ты — прыгожасць-летуценне. Ты — развага-глыбіня, Усмех радаснага дня. Прыхадзі ж, вясенька-радасць, Буйна росамі заззяй, Хай твая краса дабра дасць І абудзіць гэты край! І прыйшла яна, княгіня, Пазганяла снег з зямлі, І дзе толькі вочы кіне, Ажыўлялася пустыня, Травы, красачкі раслі. А Сымонка нецярпліва, Сам не знаючы чаму, Ждаў вясеньку, ждаў, як дзіва, І кляў холад і зіму. І цяпер ён быў вясёлы, Бо ён чуў, што ён жыве, Што жыве з ім лісцік кволы; Жыцце чулася ў траве, У гаёчку, у лясочку, На палях, і на лугах, І ў зялёненькім лужочку, І ў крынічных берагах; І ў душы бы штось спявала, А пра што, душа не зн’ала — Так спявалася само; Чуў хлапчынка, што спадала З шыі цяжкае ярмо Адзіноты, долі горкай, — Свет хацелася абняць І людзям бліскучай зоркай У іх цемрадзі заззяць І сказаць ім, як шчасліва Можна жыць і на зямлі, А яны ўсе — злы-маўклівы І гняўліва-абурлівы, З рубяжоў дабра зышлі. Ён любіў і неба гэта, Недасяжную глыб-сінь І бязмежжа горных светаў І адвечную іх плынь. Ідуць часам яны з дзедам, — Месца слаўнае, цяпло, Час паўднёвы прад абедам. — Э, куды наша ні шло, — Кажа дзед: — прысядзем хіба? — Хлопчык згодзен, хлопчык рад, Хоць не любіць дзеда-грыба: Дзед залішне скупават, Толькі цешыць абяцанкай, А не справіць халата, І стары, а жыве зманкам, Дзед — шалыга[6], шалахта[7]. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. — А скажы, дзядок: чаму ты Мне халацік не купіў? Бач, халат мой: — кучка гною І няма ў ім рукавоў! — А нашто халат вясною? Ну, нашто, каб я здароў? Меў бы ты халацік новы, Дык які б ты быў жабрак? Людзі пальцам ткнуць гатовы: Жабраку абнова — брак! Людзі скажуць: ён багаты, Паглядзі, які халат! На парог не пусцяць хаты, Крыкнуць: «Вон, пайшлі назад!» Зацкуюць яшчэ сабакам Ды дадуць і кулакоў… Рвань ёсць беднасці адзнака, Беднасць — доля жабракоў. А зірнуць, вось, на такога, — Хіба той не дасць, хто ліх… Слухай ты мяне, старога, Лепей ведаю я іх. — А скажы, дзед: ці не можна Жыць праўдзіва, а не так?.. — Ну, а як, скажы, а як? Галава твая парожна! Дзе ж тут зман той? вось дзівак! Раз узяўся ты за гуж, Не кажы, што я не дуж; Трэба ведаць тут парадкі: Зверам будзь сярод звяроў, Між авечачак — ягняткам… Толькі так, каб я здароў! Ты паслухай, што скажу я:         — Думала варона,         Чорная хвальбона, —         Хай не марыкуе, —         Думала-гадала,         Што ёй свету мала         І чагось бракуе.         Пташкі ўсе, як пташкі:         Лёгкі лёс ці цяжкі,         А жывуць як трэба         Хто жыве ў балоце,         Гнёзды ўе ў чароце,         Мае свой кус хлеба:         Чапля ловіць рыбу,         І ў сваю сядзібу         Носіць бусел лсабы.         Плюхаюцца качкі,         Гусі, іх сваячкі, —         Ім вада была бы.         А хто жыў на полі, —         Меў там свае ролі,         Свой парадак пэўны.         Толькі той вароне         Паў на глузд, Сымоне,         Замер неспадзеўны:         Хоча быць арліцай,         Бліснуць бліскавіцай         У надземнай багне,         Каб ва ўсім стварэнні         Выклікаць здзіўленне —         Славы сабе прагне.         І варона з шула         Крыллямі ўзмахнула —         Вышай, вышай, вышай!         Яна ўжо высока,         Чуць угледзіць вока,         І здаецца мышай.         Толькі ж хто ні гляне         На яе лятанне,         Кажа: «То ж — варона!»         Бачыць — прагарэла,         Бо не выйшла дзела,         Не па ёй карона!         Але не шманае         Пташына дурная,         Новы шлях цярэбіць:         «Спаганю сваё я,         Спробую другое —         Паплыву, як лебедзь!»         Дэбае варона         На адхон затону,         Дэбае, гяргеча;         Стала над вадою         І — бух з галавою!         Шугнула, бы з печы!         Вымакла, бядачка,         Бо яна не качка,         Чуць не затанула.         Вылезла на бераг,         І цана ёй шэлег[8] —         Не ўзляціць на шула.         Кінула варона         Дасяганне трону,         Зноў ідзе на летнік[9].         І да гэтых часаў         Ёй зачынен засаў:         Ёй прызначан сметнік.         Дык не будзь, Сымоне,         Падобен вароне         І не круці носам,         Слухай ты старога,         Не кажы пустога…         Ды… змагайся з лёсам! Хлопчык слухаў, ды не верыў: Лжэ ён, гэты стары пень, І дзядоўскія намеры Ясны хлопчыку, як дзень. І Сыыон даўно заўважыў, Як дзед пазухі бярог, Як размовы меў аб кражах, Як казаў аб зладзяёх. — Ці дзед хвор? — пытаў хлапчына, — Што хапаешся за бок? — Дый не дуж такі, браток, — Крэхча хітры старычына, Стогне, войкае нарокам, Як бы й праўда, што баліць; А ў старога там, за бокам, Срэбра цэлы спрат ляжыць. Вось ён байкі выдумляе, Як зладзеяў моцна б’юць, Што за доля іх спаткае, Калі ў пекла пападуць. Як іх толькі не ўшчуваюць: Вараць іх чарты ў катлох, Скуру кіпцямі здзіраюць З іх зладзейскіх рук і ног; Б’юць у спіну бусакамі[10] І жывое мяса рвуць І па пальцах малаткамі Жараць, косці іх таўкуць. А найгорай тым трапляе, Хто няшчасных жабракоў Крыўдзіць або абкрадае — «Не сказаць — каб я здароў!» вернуться

5

Жагялі (польск.) — парусы.

вернуться

6

Шалыга — круцель, хлус.

вернуться

7

Шалахта — балбатун, лапатун.

вернуться

8

Шэлег — тут у сэнсе: нічога не варта.

вернуться

9

Летнік — летняя дарога.

вернуться

10

Бусак — багор.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: