IV

— Эхе-хе, мая дзяціна, — Уздыхнуў Даніла-дзед, — Падрабнела і людзіна, Падрабнеў цяпер і свет. А лясоў ты настаяшчых, Бачу, хлопчыку, не знаў, Нетры, нерушаў лядачых — Дзе табе! — не сустрачаў. Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, I такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! I такія дзеравякі Ты натрапіш, брат, у ёй, Што прад імі стане ўсякі Падзівіцца іх красой. Тоўшч і веліч — страх праймае, Волас дыбам устае! А як пушча загуляе, Зашуміць ды запяе! Вось дзе музыка — паслухаць… Але пушча болып маўчыць, Ды не ўсякім носам звюхаць, Што ў нутрох яе ляжыць… Не быў ты ў вялікім лесе: Войдзеш — свята вее ў ім, А ўгары, зялёнай стрэсе, Цягне спевам маладым. I заўваж, мой хлопча-колас, — Дрэва кожнае ў бары Мае свой асобны голас, А зацягнуць угары — Спеў выходзіць самавіты, Эге ж, хлопчыку мой, так: Лес гаворыць, а скажы ты, — Не павераць аніяк… А лес, хлопча, хоць ён дзікі, Але мудры і дзіўны, Сэнс ён мае патайны, Асабліва бор вялікі. — Дзед прымоўк у задуменні I, панізіўшы свой голас, Зноў гаворыць: — Вось здарэнне, Ты паслухай, што было раз: Знаў я пушчу на Палессі… Што за дзіва? стаў я чуць Нейкі шум у яе стрэсе, Незнаёмы, асаблівы, Голас жаласны, тужлівы, Дрэвы смутна нейк гудуць. У другіх лясох — нічога, Там звычайны гоман-шум, А ў той пушчы — плач, нябога! Я гадаў і думаў многа, Так і гэтак браў на вум, — Не разблутаў той загадкі. Так аб ёй я і забыў. Раз зімою пад калядкі Зноў я пушчай прахадзіў. I што ж? пушча тым жа ладам Шум цягнула свой тужліва, Ну, аж проста брала дзіва: Дзе прычыва гэтым звадам?.. Што ж ты думаў? — тую пушчу Адкупілі гандляры, I праз сэрца, яе гушчу, Перайшлі іх тапары. — I дзед раптам замаўкае Ды на хлопчыка глядзіць, Палец к чолу прыціскае. — Ну, як будзеш тут судзіць? — А вам, дзедка, не здавалась, Вы не думалі аб тым, Што у лесе адбівалась, Як адбілася ва ўсім, Жыццё, дзедку, адчуванне? Я так думаю, дзядок, Што на свеце ўсё дазвання, Нават камень і пясок, Мае думкі і настроі, Толькі ж нам іх не згадаць: Трэба чыстым быць душою, Каб іх тайнасці пазнаць. Дзед у хлопца ўтарапіўся. — А цікавы ты хлапец: Разважаеш, як мудрэц, Бы старэчым ты радзіўся. — Азірнуўся дзед таёмна. — Стаў я штось тут прымячаць, Эге ж, хлопча: ночкай цёмнай Штось дзіўное тут чуваць. Штось тут творыцца уночы, Сам пачуеш ты, эге ж. Ці то жарты патарочы[31], Ці то знак які прарочы, Ці там што — не разбярэш. Не натрапіш тога следу, Не налучыш ты на троп. Пазіраў Сымон на дзеда, На маршчыністы той лоб I так слухае ўнікліва — Захапляе хлопца дзіва. Сымон А якая ж тут праява? Дзед Даніла Эге ж, хлопча: дзіўна справа, Хтось цярэбіць тут дарогу… Будзе змена, будзе змена! Ідзе новае калена, Яно тут, каля парогу, Бо на свеце ўсё не вечна, I зямля свой твар мяняе, Хваля хвалю паганяе, Пераходзіць бераг рэчны, — Усё ў стане пераходу, А тым болей, хлопча, людзі: Яны самі сабе суддзі, Хто згадае іх прыГоду? Сымон А скажы мне, дзеду любы, Чаму так на свеце стала, Што адным даецца мала, А другому — аж да губы? Хоць бы тут: раскошства, пыха, А багацця, ох, багацця! А другі ў ярме закляцця Шлеі цягне, сваё ліха? Хто багацце размяркоўваў, Той дзяліў несправядліва, Не для ўсіх зямля ўрадліва… Чыя ж гэта воля-змова? Дзед Даніла Эге ж, хлопча, у тым справа, Што не роўны людзі ў свеце; Слабы, цёмны жыве ў смецці, А дужэйшы правіць права, Ездзіць, лейцы ўзяўшы ў рукі… Эге ж: сіла ў гэтай штучцы. Але, хлопча, лейцы рвуцца, А без іх няма панукі. Сымон А чаму ж бы іх адразу Не парваць, дзядок, і квіта? Дзед Даніла Іх часіна не пазбыта, Не настаў той час заказу. Сымон А хіба ж ён сам настане? I наогул сам ці прыйдзе? I ці будзе канец крыўдзе? Калі ждаць другога стану? Дзед Даніла На ўсё ёсць свая часіна, I ўсё прыйдзе ў сваім часе. I заслона ўжо ўзнялася, Дзе хавалася прычына. Ёсць у свеце розум нейчы, Ён і піша ўсім законы, Накладае забароны, Час вартуе кожнай рэчы, Ён знімае і кароны. Што йдзе проціў яго волі Ці не ў часе выступае, Тое нішчыць цьма сляпая, Тое жыць не мае долі. Сымон А як стане не ў трыванне, I тады чакаць пакорна, Покі стане жыць прасторна? А змаганне? Дзе ж змаганне? Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу, Калі хочаш ты ўстаць з пылу, Калі цягнуць з цябе жылы. Дзед Даніла Хо-хо, хлопча: ты гарачы! Ну, а ў замак як папаў? Сваёй воляй прытрапаў? Эге, не, мусіць, іначай! Дзе ж было тваё змаганне? Толькі ў думках, так ці не? Адлажыў, здаецца мне, Ты свой момант паквітання. Не, мой хлопча, нічагутка Ты не зробіш без пары, А надарыцца мінутка, Тады ўсё тваё — бяры… А ты, хлопчыку, музыка? Гэта скрыпіца твая? Ану, хлопча, папілікай. Маладым быў, граў і я. У тым парку радавітых Тых князёў-багатыроў Хвалі гукаў самавітых, Смуткам, скаргай апавітых Цёмных пушчаў і палёў, Паліліся, задрыжалі, Як бы срэбра рассыпалі У галінках тапалёў. I, здавалася, жывое Нешта йшло ад гэтых струн, Бы дух згоды і спакою, Чараўнік які, вяшчун, Натыхае ім, дрыготным, Каб высока душу ўзняць, Каб вясёлым і маркотным Чары гукаў паказаць. Слухаў дзед, акамянелы, Апусціўшы вочы ўніз, А пад вусам пабялелым Губы ціхавька траслісь. Часы «жыткі» маладое, Родны кут, далёкі край, Гоман пушчаў, голас хвояў, — Дзе ўсё гэта? не пытай! Не вярнуцца ім ніколі! I цяпер, бы скрозь туман, Устае прад ім і поле, I балоты, і курган. Дзед Даніла Здольны ж ты, мой дабрадзею! Ты навёў туман чароўны; Гэты гоман струн бясслоўны Так расчуліць сэрца ўмее!.. А дзе ж ты спыніўся ў замку? I спытаць было няўцямку. Сымон Там, пры кухні. Дзед Даніла А ты б, можа, Перайшоў ка мне, нябожа! Там душы агонь затухне… Не люблю я псярні панскай, Палупанкаў, ахмістрынь[32] — Дух падлізніцкі, паганскі, Прападзі ён там і згінь! А мой дом — унь, бач, альтанка? Будзем таьг мы жыць удвух, Хай сабе не мураванка, Ды ў ёй наш сялянскі дух. Сымон Шчыра дзякую, дзядок! Вельімі рад, пайду ахвотна, Бо мне, дзедку, там маркотна — Там ступіць баішся крок. Дзед Даніла Ото ж бачыш! А са мною Будзе лепш табе, эге ж. З дзедам ты не прападзеш, Як за добраю сцяною.          Дзедава альтанка          Зроблена з аполкаў,          Чыста ў ёй і светла;          Печ, як маці, ветла.          Горне, як каханка,          Дзедава свяцёлка.          Хораша і проста —          Дзед Даніла з густам.          I палок выгодны,          Блізкі сэрцу, родны.          Сплецена з бяросты          Кайстра густа-густа.          У сцяне лапчасты          Рог, мабыць, ласіны.          Стрэльба-паядынка          I труба-старынка,          Спрытна, выгінаста,          Зроблена з лясіны.          Ёсць тут і ашэстак[33]          I лучнік[34] пры печы, —          Словам, свая хата          Селяніна-брата.          Многа блізкіх вестак          Кут дае старэчы. I застаўся тут хлапчынка. Знікла тая марката: З дзедам кожная часінка Так ці йначай занята! То гамоняць між сабою, То майструюць што-нібудзь Або важнаю ступою У абход у парк ідуць. Падзівіцца ж тут было чым, Разважаць было аб чым, А Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім I даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Раз увечар дзед з Сымонам Выйшлі ў парк у свой абход. Сутунела. Дзесь за клёнам Месяц чырваніў усход, Выступаючы ў абходы, Што прызначаны яму; Зоры з неба вокам згоды Углядаліся скрозь цьму. Было ціха і лагодна. — Стой, паслухаем, дзядок: Дзесь іграюць, дзедка родны… Выйдзем унь на той грудок. — Гэта, хлопча, тут не дзіва! Эге, тромкаюць паны! Хлопчык гукі ловіць хціва, Ім валодаюць яны. Зноў гарыць у ім жаданне Тайнасць нотаў пасягнуць I заслону адгарнуць, Каб развеяць ноч нязнання. Ён ідзе на тыя гукі, Ён стаіўся пад акном, Зашчаміўшы моцна рукі, — Ён не смее вайсці ў дом: Там — паны, а ён — басота, Сын мужычы, ён — «псякосць», Паднявольны ён тут госць, Яго месца — каля плота… Эх, няроўныя дзве часці! Ён — нікчэмнасць, ён — друза… I з вачэй гатова спасці Крыўды горкая сляза. Эх, для панскае пацехі I для забаўкі паноў Вы, саломенныя стрэхі, Марна траціце сыноў!.. вернуться

31

Жарты патарочы — тут у сэнсе: жарты нячысціка, вячыстай сілы.

вернуться

32

Ахмістрыня — эканомка.

вернуться

33

Ашэстак — перакладзіна, жэрдачка.

вернуться

34

Лучнік — прыстасаванне для асвятлення, у якое ўстаўлялася лучына.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: