II
— Унь і замак, бачыш? вежы! — Пугаўём махнуў хурман. — А вось тут быў лог мядзведжы, Дзікі тут хадзіў кабан, Тут пладзіліся і сарны, Тут вадзіліся зубры… Эх, бары былі, бары! Але й ім прыйшоў час марны, — I ўздыхнуў хурман стары. Можа, ўспомніў век пражыты, Маладыя свае дні, Вечар, мрокам апавіты, Жыцця зніклыя агні. — Гэй вы, конікі малыя! Сакалы мае ўдалыя! Што прысталі? — Лейцы ён падцяў, махнуў… Коні шыі заламалі, Бы агонь іх жахануў, I панеслі! Брычка скача, Мякка бубенцы звіняць… Ці не песня ў іх бядача, Доля горкая чуваць? А Сымон глядзіць на вежы I на гэты замкаў пых… Эх, чужыя гэта межы! Не для іх ён, не для іх! Але трохі і цікава, Хоць нагледзіцца ўсяго, Калі ж кепска будзе справа, Хто ўтрымае там яго? А дзянёк у цішы-разважанні На спакой адыходзіць павольна; Задумленне ляжыць у блісканні, Як той усмех апошні расстання, Як той погляд кахання супольны. I вялікі ж дзянёк у прыгодзе! Надарыў ён Сымонку багата: Эх, дзе раніца тая зачата! Эх, дзе поўдзень прайшоў, яго свята! Эх, дзе вечарам з думкамі ходзіць! А на замку пазалота Грае ў чырвані, гарыць. А галота… Дзе ж галота? Сланяецца каля плота, У гразі яна ляжыць! Мрок ачнуўся, скулься глянуў I пасунуўся рупліва З таго лесу праз паляну Насустрэч якраз туману, Што з нізіны ўстаў маўкліва, Слепавочна, баязліва. Мрок няветлы і зацяты Жмурыць вочы з-пад карэння, Уздымае хіб кудлаты, Па палёх раняе латы I край неба тчэ ў суценне, Каб развесіць свае шаты. Хмаркі, неба, лес, зямліца — Усё сціхла, зорыць чутка: Штось замысліў мрок-сляпіца! З горак сходзіць багравіца, Дзесь галосіць-плача дудка, — Будзе сцішна, будзе жудка, Калі зляжа ноч-чарніца! Замак грозны і варожы, Так пануры яго вежы: I хоць ён здалёк пахожы На царкву, касцёл, «дом божы», Ды з залочанай адзежы Вее чымся злым і рэжа, Коле вочы ў падарожжы. Блеск у вокнах — смех фалыпывы, Ён не вабіць, ён не грэе; Тыя вокны — вочы змея. Пазірае замак скрыва, I ён душыць, гне маўкліва. «Куды ж еду? Дзе ж я? дзе я?» — Хлопец думае тужліва. Вось гара. Прыціхлі коні, Колы рэжуцца ў пясок, А з гары, як на далоні, Разам выплыў гарадок З яго цэрквамі, дамамі Розных постацей, ладоў, З мураванымі сцянамі, З яго купамі садоў, Вязаў пышных, паўнацелых, Ліп разложыста-густых I крыжоў, даўно збуцвелых На магільніках старых. Захад счырвана-ружовы; Дзень пахованы ўжо ім, Бы замёрлі яго словы На крыжы на залатым. I страх нейкі беспрычынны Душу хлопчыка абняў. Бы ён руку самачынна На той горад падымаў. Ці ж яму, палёў дзіцяці, Сыну лесу і дарог, На дарозе панскай стаці, Жыць у замку, гарадох? I ў Сымонкі прад вачыма Ўсталі родныя куты, Хата бацькава, радзіма, Грушы дзікія, платы… I якая гэта доля — Ласкі мацеры не знаць, Казкі, песні свайго поля На чужыя памяняць?! Дык не век быць пад прыгонам: Ён на свой лад зажыве — Думкі ёсць у галаве — Не жартуйце ж вы з Сымонам! А тым часам коні гулка Б’юць па бруку капытом. Вось масточак і рачулка З сітняком і чаратом. Ідуць домікі радамі З аканіцамі, садамі, Каля вокан геаргіні, Ружы кусцікі і мак I гарошак бледна-сіні Між тых красак, бы прымак. А там, далей, камяніцы, Рынак, крамы, пустыры, Манастыр, касцёл, капліца I муры, муры, муры… Ад касцёла іх дарога Убок крута павярнула, На падмурку мільгатнула Постаць нейкага святога У сутане, рукі ўздзеты, Вочы ўзведзены кудысь, Бы за грэшны замак гэты Шле малітвы ён увысь. Перад імі, як талерка, Ціха кругліцца, блішчыць, Ззяе возера-люстэрка, А над возерам стаіць Замак грозны, замак хмуры; Валы, бойніцы відаць, Непрытульна і панура Сцены гэтыя глядзяць. Замак меў адну дарогу — Вузкі насып між вады. «Тут не выйдзеш, як з астрогу… Эх, куды папаў! Куды!» — Так Сымонка сам з сабою, К замку едучы, гадаў. Нейкім страхам і жудою Гэты замак патыхаў. Вось і ўезд у двор замковы — У мурох нібы нара; Гучна стукаюць падковы, Бы дае тут знаць гара, Што сюды хтось уязджае — Госць няпрошаны, чужы. Вось збяжыцца стража злая! Калі вораг ты — дрыжы! Але зараз ціха стала, Грук замёр ад капытоў. А ноч косы расплятае, Мрок вылазіць з-за кустоў I на ліпы воўну сцеле, Іх мяняючы абрыс, — Нібы з прасніцы кудзеля, Голькі спушчаны наніз. Ціха ў замку і нялюдна, Бы ён вымер, бы пусты, Сном заснуўшы неабудна, Як той волат закляты. Ды дарожкі ўсе ў парадку I праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур, I такі йдзе дух пахучы, Чуць-чуць ветрык патыхне. А там дзесь у старане То патухне, то мільгне Нейкі блеск, агонь бягучы… Дзіўна ўсё пад гэтым мрокам!.. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Брычка двойчы павярнула, Тры ўжо мосцікі мінула I спынілася — канец! — Ну, пабудзь жа тут, хлапец! Я на момант невялічкі У кантору забягу — Яна там унь, на рагу — Ліст аддам’. — Хурман злез з брычкі, Ідзе, ногі распраўляе, Бо дарога ж не малая. Хлопцу ж сцішна з непрывычкі, Знік хурман у сутуненні, I заціхлі яго крокі, А Сымонка, адзінокі, Ловіць зыкі ў натужэнні, Ды ўсё ціха. Дзесь блізютка Прамільгнуў кажан вушасты, У кустох лісток зашастаў, Нешта піскнула ціхутка, Тыя ж дрэвы, нібы зданні, Пазіраюць грозна-строга, Бы цікуюць на малога У маўклівым разважанні. Тут знаёмы толькі зоры I прыветны з ім, лагодны; Той жа вобраз мілы, родны, Той жа блеск іх у прасторы… Ша, ідуць! Замёр хлапчына: Глуха тухкае хурман, А за ім ідзе мужчына, Незнаёмы нейкі пан. — Ну, — сказаў хурман, — злазь, сынку! Тут табе і хлеб і дом. Дык служы ж цяпер паном! Што ж? у добрую часінку! I спытаўся пан замковы: — Гэта ён музыка й ёсць? — Ён, ён самы, ягамосць[27]; Ну, сынок, бывай здаровы! Злез Сымонка і са скрыпкай За «ягомасцем» ідзе. Пан-ягомасць паліць піпку, Сам сабе пад нос гудзе; А калёсы мерным стукам, Коні гучным капытом Адклікаюцца адгукам, Як апошнім тым звяном, Што злучала хлопца з полем I з прасторамі лугоў… Зашчымела сэрца болем: Зноў чыясь чужая воля, Ўлада новых абцугоў! Колькі крокаў шлі маўкліва, Потым пан пачаў пытаць З насмяханнем і жартліва, Дзе вучыўся хлопец граць, Як натрапіў ён на князя, Як дабіўся ласкі там (Ды яму ва ўсякім разе Трэба помніць, што ён — хам). I з сабою пан мармоча: «Ну, пабачым, што за жог, Як ён заўтра засвяргоча I капусту і гарох». Хлопец толькі гляне скосу. Ой, відаць, нягодны, гад! Хоць цяпер бяжы назад, Але сціхнуў шум калёсаў. Ён адзін тут з гэтым панам. I куды ён завядзе? Лепш памерці пад парканам, Чым служыць такой брыдзе. Але йдзе за ім пакорна, Штось заныла на душы. Як і ночка, думкі чорны, Толькі зорачкі ў вышы Над панурым замкам ззяюць, Блеск іх ветла так дрыжыць; Зоркі хлопцу спагадаюць. Ну, што ж? трэба тут пажыць. Вось і домік мураваны Выплыў раптам з~за раслін. — Ну, Шапен ты калашманы, Ты тут будзеш не адзін: Там пры кухні жывуць «людзі», Як і ты, усе яны; Там прыпынак табе будзе. Заўтра знімем лахманы. Там і ложак ёсць свабодны, Раздзявайся, спі ўсю ноч; Калі ж часам ты галодны, Дык на кухню сам заскоч. Адчыніў Сымонка дзверы I адразу крок спыніў: Такой чыстае кватэры Ён не бачыў і не сніў. Ну, зусім пакой! прасторны, Светлы, чыста пабялян, Ніжай столі пасак чорны, Мусіць, пальцам правёў пан! На адной сцяне рысункі — Хтось наклеіў іх з газет — Роўна цягнуцца, як стрункі, То — не рабінаў партрэт, — Не пакой таго зладзюгі! Воч не зводзіць ён з сцяны: Калі так жывуць тут слугі, То ўжо як жывуць паны?! вернуться27
Ягамосць — ваша міласць.